Чатыры гады праляцелі хутка. І вось надышоў час развітання з пачатковай школай. Дваццаць другога мая вучні чацвёртага класа з самага ранку былі ўсхваляваны. На гэта была сур’ёзная прычына. Менавіта ў гэты дзень адбылося свята “Бывай, пачатковая школа!” Гасцям, а сярод іх былі настаўнікі-прадметнікі, прадстаўнікі адміністрацыі, бацькі, таксама перадалося хваляванне. Кожны з іх адчуваў важнасць і непаўторнасць гэтай урачыстасці. Выпускнікі ўражвалі сваімі здольнасцямі: спявалі, танцавалі, дэкламавалі вершы, паказвалі інсцэніроўкі. На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі словы падзякі першай настаўніцы, настаўнікам, якія адкрылі прыгажосць нямецкай мовы, развівалі музычныя здольнасці, выхоўвалі любоў да Радзімы на занятках прадмета “Чалавек і свет”.
Ад імя бацькоў са словамі падзякі і пажаданняў выступіла Шынелька Іна Мікалаеўна. Прагучала бацькоўская клятва будучым пяцікласнікам.
Свята завяршылася ўручэннем дыпломаў выпускнікам пачатковых класаў. Загадаўшы свае запаветныя жаданні, вучні выпусцілі ў неба рознакаляровыя шары.
Н.В.Сабыніч, настаўніца 4 класа









