У суботу 18 красавіка ў краіне адбыўся рэспубліканскі суботнік. Гэта падзея не абмінула і нашу школу. Кожнаму знайшлася справа.
Вучні, якія пражываюць у вёсцы Мосар, наводзілі парадак каля помніка воінам – землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзясяцікласнікі наведалі могілкі ў в. Панфілаўшчына, дзе пахаваны яе жыхары, расстраляныя гітлераўцамі ў 1944 годзе. Вучні 5 – 7 класаў шчыравалі на могілках у в. Лазічы і в. Еркаўцы.
Вучні 8 – 9 класаў адправіліся на дапамогу вязню канцэнтрацыйнага лагера Брэхуну Францішку Янавічу. Нас чакала справа – складанне дроў. Кожны з нас працаваў старанна і плённа. За пару гадзін усё было зроблена. Усе былі задаволены: мы дапамаглі чалавеку, які прайшоў праз выпрабаванні вайны. Развітваючыся, мы зычылі Францішку Янавічу моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Касцюкевіч Яна, Кушнярэвіч Кацярына, вучаніцы 9 класа









