Усё бліжэй і бліжэй той момант, калі за спінай застануцца бестурботныя школьныя гады і жыццё паставіць нас перад сур ёзным выбарам. Якім будзе наш далейшы шлях? Як не памыліцца ў выбары прафесіі, каб можна было сказаць: «Я не проста працую, я жыву». Неабходна пашыраць свой кругагляд, задаваць дарослым людзям пытанні аб іх прафесійнай дзейнасці. Як правіла, людзі ахвотна расказваюць пра сваю работу, студэнцкія гады. Тады і можна свядома вырашыць, падабаецца табе гэта прафесія ці не.
Праца займае палову жыцця чалавека. Знайсці сябе ў свеце прафесій азначае атрымаць магчымасць дастойна зарабляць, адчуваць сябе патрэбным чалавекам, раскрыць свае здольнасці.
28 лютага мы сабраліся на чарговы збор піянерскай дружыны “ Мая прафесія – мая будучыня” і пазнаёміліся з прафесіямі настаўніка і агранома з першых вуснаў, бо ў нас у гасцях былі настаўнік, былы дырэктар нашай школы Наско Вольга Мікалаеўна і былы аграном калгаса “За Радзіму” Раманчук Аліна Іванаўна. У іх словах гучалі любоў і пашана да сваёй прафесіі. Госці ўспаміналі гады вучобы ў інстытуце, першыя дні працы ў якасці маладых спецыялістаў, імёны людзей, якія дапамаглі ім рабіць першыя крокі ў прафесіі. Сустрэча атрымалася цёплай і змястоўнай.









