• header.jpg

Нешта новае, нязведанае заўсёды захапляе. Больш пазнаеш – больш ведаеш, ёсць магчымасць выбару, пашыраеш кругагляд. А сустракаешся з цікавым чалавекам – адкрываеш для сябе іншы свет.

 

Членам гуртка “Юны журналіст ” пашчасціла пазнаёміцца адразу з некалькімі цікавымі асобамі падчас паездкі на зімовых канікулах у горад Глыбокае. Было цудоўнае марознае надвор’е, добры настрой, і найперш мы наведалі ў гарадскім цэнтры культуры выставу работ навучэнцаў дзіцячай школы мастацтва імя Я.Драздовіча. Цікавыя сюжэты, выкананыя ў розных тэхніках, захаплялі непаўторнасцю і багаццем фантазіі юных мастакоў. Наведалі мы і Дом рамёстваў, скарбніцу глыбоцкага краю, дзе з такой любоўю шануюць і аднаўляюць народныя рамёствы: салома-і лозапляценне, ткацтва, вышыўку, разьбу па дрэве, ганчарства… Кожны пакой адметны, аформлены ў адпаведнасці з накірункам працы. Вялікі дзякуй Святлане Скавырцы, якая падрабязна пазнаёміла нас з асаблівасцямі народных рамёстваў Глыбоччыны.

IMG 6716

Наведванне рэдакцыі раённай газеты “Веснік Глыбоччыны” і гутарка з выконваючым абавязкі галоўнага рэдактара Анатолем Усцінавічам Зінкевічам пакінула незабыўныя ўражанні і станоўчыя эмоцыі. Што такое журналістыка, асаблівасці прафесіі журналіста, як вярстаецца газета, дзе друкуецца, тэматыка артыкулаў, праекты… Акрамя гэтай інфармацыі, мы ўбачылі працоўныя месцы супрацоўнікаў газеты, камп’ютарны нумар “раёнкі”, які рыхтуецца да адпраўкі ў выдавецтва.

 IMG 6734

З гэтай паездкі кожны ўзяў нешта для сябе: магчыма, зацікаваўся прафесіяй журналіста або знайшоў новы сюжэт для артыкула ў школьную газету ці проста цікава правёў вольны час.

IMG 6842