Кожны раз, едучы ў Мінск, чакаеш нечага незвычайнага. І вось 27 верасня ў Сусветны дзень турызму вучні 4-9 класаў адправіліся ў сталіцу.У праграме было наведванне заапарка, дэльфінарыя, музея Вялікай Айчыннай вайны,а ўжо ў Мінску вырашылі зазірнуць на выставу васкавых фігур. З самай раніцы надвор’е не вельмі радавала, але гэта не перашкодзіла нашай групе пагуляць па заапарку. Затым – прадстаўленне ў дэльфінарыі. Не адрываючы вачэй, мы сачылі за выступленнем трох дэльфінаў і цюленя і чакалі, калі ж на нас пападуць кропелькі вады з басейна (тады можна загадваць жаданне). Артысты круцілі абручы, падкідвалі мячыкі, каталі трэнераў. Нам расказвалі пра жыццё дэльфінаў, павадкі. Гэта разумныя млекакормячыя з узроўнем інтэлекту амаль як у чалавека.
Наступны аб’ект – музей Вялікай Айчыннай вайны. Сучасны будынак, 3-D кампазіцыі, ваенная тэхніка, інтэрактыўныя экраны, тэлевізары,цікавыя экспазіцыі.
Выстава васкавых фігур знаходзіцца ў будынку 1 з’езда РСДРП. Некалькі фігур знакамітага серыяла пра Гары Потэра ў натуральную велічыню проста прыцягвалі да сябе. У другой зале – васкавыя фігуры царскай сям’і. Мы ніколі не бачылі падобнай выставы, шмат фатаграфаваліся.
Увогуле, паездка атрымалася цікавай і пазнавальнай. Дзякуем экскурсаводу Эме Яўстаф’еўне за змястоўны аповед, а таксама настаўнікам за арганізацыю паездкі.









