У школе вучні маюць магчымасць рэалізаваць не толькі свае інтэлектуальныя здольнасці, але і праявіць сябе як творчую асобу або спартсмена. Так, 27 мая ў суботу праводзілася спартыўна-патрыятычная гульня “Зарніца”.
Пяць каманд змагаліся за перамогу і ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах: пераносілі пацярпелага, пераходзілі па бервяне, пераадольвалі гімнастычную сценку, кідалі дроцікі, ставілі палатку, перамяшчаліся па купінах, шукалі “міны”, пераадольвалі роў.
Барацьба была напружанай і да апошняй хвіліны захоўвалася інтрыга. У выніку ІІІ месца заваявала каманда “Андрэеўцы” (7 і 9 класы), ІІ месца ў каманды 11 класа, а абсалютнымі пераможцамі стала каманда настаўнікаў. Трэба сказаць, што педагогі ўпершыню ўдзельнічалі ў “Зарніцы” і выступілі цудоўна.
Напрыканцы гучалі песні пад гітару, удзельнікі частаваліся смачнай юшкай. Ва ўсіх засталіся прыемныя ўспаміны пра цудоўна праведзены разам час.











