Прайшлі навагоднія мерапрыемствы, але і на канікулах сумаваць нам не прыйшлося, бо нашы настаўнікі падрыхтавалі чарговы цікавы падарунак – паезку ў г.Глыбокае з наведваннем рэдакцыі газеты “Веснік Глыбоччыны, царквы Раства Прасвятой Багародзіцы і выставы васкавых фігур у гісторыка-краязнаўчым музеі.
У рэдакцыі раённай газеты нас гасцінна сустрэла Галіна Яўстаф’еўна Сутула і расказала пра асаблівасці апрацоўкі матэрыялаў, спецыфіку работы карэспандэнтаў, карэктара, аператара, пра сваіх былых гурткоўцаў, якія абралі прафесію журналіста, пазнаёміла з усімі супрацоўнікамі рэдакцыі.
У царкве экскурсію праводзіў Юрый Пятровіч Калбасіч. Мы даведаліся пра гісторыю існавання святыні, пабывалі ў падзямеллі і на вежы, убачылі падрыхтоўку царквы да Раства Хрыстова. Гэта было незабыўна!
На выставе васкавых фігур нам прапанавалі пападарожнічаць па розных краінах, пабываць у розных стагоддзях і нават пабачыць космас! Калі мы ўвайшлі ў музей, нас сустрэў Кашчэй Бессмяротны, Баба Яга і Васіліса. Экскурсавод нам рассказала гісторыю стварэння гэтых казачных персанажаў. Аказваецца, ёсць такая казка, дзе Кашчэй Бессмяротны быў добрым. Ён прапанаваў Васілісе выйсці за яго замуж, і яна згадзілася. А Іван-Царэвіч украў Васілісу. Гэтая казка – адзіны выпадак, дзе Кашчэй Бессмяротны станоўчы герой. Далей мы адправіліся ў Швейцарыю, дзе нас чакаў Карлсан з Фрэкен Бок. Мы даведаліся, што Карлсан – гэта не імя, як мы ўсе думалі, а прозвішча. На жаль, ніхто не ведае, як сапраўднае імя гэтага персанажа. Фрэкен Бок... Мы адразу ж скажам: " Фрэкен – гэта імя, а Бок- гэта прозвішча." Але не ўсё так проста. Сапраўды, Бок- гэта прозвішча, але Фрэкен у перакладзе - незамужняя жанчына. Далей нас чакаў усім вядомы Бэтмен. Цікава, як жа ўтварыўся гэты персанаж? Экскурсавод паведаміла, што гэтага персанажа стварыў адзін мужчына. У дзяцінстве забілі яго бацькоў, і з таго часу ён паабяцаў знайсці выйсце з падобных сітуацый – стварыць абаронцу. Так з’явіўся Бэтмен. На заканчэнне нам паказалі вялікую фігуру Аватара. Мы даведаліся, што на гэты вядомы фільм пайшло больш грашовых сродкаў, чым на "Тытанік".

Паездка нам вельмі спадабалася і пакінула незабыўнае ўражанне.
Кушнярэвія Алёна









