Каляды, Новы год — гэта час цудаў, усмешак і шчасця. У гэта свята кожны можа паверыць у казку, апынуцца ў атмасферы чагосьці незвычайнага, таямнічага, незабываемага. Яно важна для кожнага без выключэння. Дарослыя, адчуўшы святочны настрой, зноў пачынаюць верыць у казку, а захапленне і радасць дзяцей толькі дапаўняюць і надаюць яркасць гэтай падзеі.
Такія дзівосы адбываліся і ў нашай установе адукацыі. Пачаліся яны намнога раней. Неабходна было арганізаваць свята для ўсіх – ад дашкольнікаў, вучняў пачатковых класаў да старшакласнікаў, пастаяльцаў Удзелаўскай БСД. Шчыравалі ўсе.
На ўроках працоўнага навучання, грамадска-карыснай працы малявалі святочныя плакаты, рабілі ўпрыгожванні для класных пакояў, калідораў, залы. Распрацоўваліся сцэнарыі, рыхтаваліся касцюмы, праходзілі рэпетыцыі.
Прайшлі святочныя мерапрыемствы 27 – 29 снежня. Вучні пачатковых класаў наведалі тэатралізаванае прадстаўленне “Навагоднія прыгоды” ў ГЦК г. Глыбокае.
На ранішнік “Новы год, станем дружна ў карагод!” завіталі не толькі выхаванцы дзіцячага сада, але і дашкольнікі школьнага мікрараёна разам са сваімі матулямі, бабулямі.
Шмат сюрпрызаў гледачам падрыхтавалі вучні 8 класа пад кіраўніцтвам Грышанковіч А.Ф.. пад час забаўляльнай праграмы “Новы год наадварот”.
Адказнымі за навагодні вечар былі вучні 10 класа. Яны сваім маленькім калектывам падрыхтавалі праграму, навагоднюю латарэю, запрасілі настаўнікаў і вучняў у школьнае кафэ.
Таксама вучні 5-8, 9-11 класаў маглі наведаць дыскатэкі.
Стала добрай традыцыяй для вучняў нашай установы адукацыі напярэдадні Новага года віншаваць пастаяльцаў бальніцы сястрынскага дагляду. Яны ўручылі бабулям віншавальныя паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі і арганізавалі невялікі святочны канцэрт. Спонсарам гэтага мерапрыемства пагадзіўся быць уладальнік прыватнага магазіна “Васілёк” у аг. Удзела Захарчонак Аляксей Фёдаравіч, які прапанаваў для бабуль салодкія пачастункі. Гэта сустрэча пакінула вельмі добрыя ўражанні і ў бабуль, і ў вучняў.
Сюрпрызам для калектыву ўстановы адукацыі быў падарунак, зроблены Глыбоцкім раённым выканаўчым камітэтам. Школьны аўтобус. Грашовыя сродкі на яго набыццё выдзелены з раённага бюджэту.

Протас А.С.,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце









