• header.jpg

Для вучняў нашай школы стала добрай традыцыяй у час канікул адпраўляцца ў паездкі па родным краі. Шмат цікавага мы ўжо даведаліся пра свой раённы цэнтр Глыбокае, пра славутасці Пастаўскай і Докшыцкай зямлі, пра слаўны горад Полацк.

         На гэты раз экскурсійны маршрут прывёў нас на Міёршчыну. Тут мы наведалі Музейнае аб’яднанне ў СШ №3 горада, якім кіруе апантаны гісторык і краязнаўца Вітольд Антонавіч Ермалёнак.

         З першых хвілін сустрэчы Вітольд Антонавіч завалодаў нашай увагай. Мы на адным дыханні прайшлі тры музейныя залы:  “Гісторыя Міёршчыны”, “Музей кнігі і друку”, этнаграфічны музей “Сялянская хата”. Вітольд Антонавіч з лёгкасцю пагружаў нас у дагістарычныя часы, калі тэрыторыя Беларусі ляжала пад тоўшчай вады сусветнага акіяна, дэманстраваў нам акамянелыя ракавіны і малюскі з тых далёкіх часоў.

         Багатая калекцыя з унікальнымі экспанатамі(а  некаторыя  з’яўляюцца адзінымі ў Беларусі) дапамагла нам лепш уявіць жыццё нашых продкаў у каменным веку. І далей: што ні экспанат – то найцікавейшая гісторыя. Экспанаты як бы ажывалі ў руках Вітольда Антонавіча, выклікаючы ў нас буру эмоцый і перажыванняў. Вось цішыню музейнага пакоя ўзарваў гул ваеннага турэцкага барабана, вось дзяўчаты заглянулі ў шкельца далікатнага люстэрка самой Эміліі Плятэр, а ў хлопцаў загарэліся вочы, калі яны ўбачылі сапраўдную форму марака-падводніка.

         Прыемнай нечаканасцю сталі для нас невялікія прызы для найбольш уважлівых слухачоў, якія правільна адказвалі на пытанні па змесце экскурсіі. Нашы настаўнікі таксама атрымалі памятны падарунак ад Вітольда Антонавіча. Гэта брашура пра жыццёвы і творчы шлях ураджэнца Міёршчыны паўстанца і скульптара Генрыха Дмахоўскага.

         Міёрская зямля выгадавала шмат славутых асобаў. Тут нарадзіўся і Герой Савецкага Саюза віцэ-адмірал Ягор Андрэевіч Томка. Імя гэтага славутага чалавека было прысвоена Міёрскай СШ №3 12 мая 2016 года. Выходзіць, што мы наведалі школу ў знамянальны для яе год.

         Выказваем шчырую ўдзячнасць Вітольду Антонавічу Ермалёнку за цікавую экскурсію, нашым настаўнікам за арганізацыю экскурсіі, работнікам глыбоцкага аўтапарка, вадзіцелю Парфяновічу М.В.  за камфортную і бяспечную паездку.

20161029 102424

20161029 121412

20161029 125228

Члены гурткоў “Юныя экскурсаводы”, “Юны журналіст”, “Юныя краязнаўцы”