Вось і прыйшла доўгачаканая пара летніх канікул. Хтосьці збіраецца ў аздараўленчы лагер, нехта працаваць і зарабляць грошы, але найперш падлеткаў вабяць падарожжы.
Вучні 7-8 класаў 3 чэрвеня адправіліся ў паход па маршруце Удзела – Мосар – Панфілаўшчына – Майсюціна – Гараўляне – Аўсянікі – Еркаўцы – Удзела.
Вёска Панфілаўшчына вядома трагічнымі падзеямі, якія адбыліся падчас Другой Сусветнай вайны: там расстралялі траіх мірных жыхароў. Мы схадзілі да помнікаў загінуўшым на беразе рэчкі, да якіх вяла вузкая сцежка. Вакол вёскі надзвычай прыгожыя краявіды, а яшчэ там пражывае пісьменнік Віктар Праўдзін, які гасцінна частаваў нас бярозавікам. Перад вёскай Майсюціна – рэчка, мастка няма, і яе мы пераходзілі ўброд. У вёсцы Аўсянікі – толькі адзін жыхар, і нават прамая дарога да вёскі ўзараная і засеяная.
У паходзе было цікава: шмат гульняў, прывалы, бездараж. Канечне, стомленасць адчувалася, але побач былі сябры, таму і шлях быў лёгкім.












