Што такое сям’я? Сям’я – гэта самы каштоўны скарб чалавека ў жыцці. Гэта дом, людзі, якія заўсёды побач, дзеці. Сям’я – гэта шчасце.
Ніякі каляндар не абміне гэтай даты - 15 мая, калі адзначаецца самы цудоўны і значны дзень - Дзень сям’і. Напярэдадні гэтай падзеі ў нашай школе адбылося мерапрыемства “Дом, дзе саграваюцца сэрцы”. Каманды спаборнічаліся за званне лепшай сям’і. На пачатку праграмы гледачы пазнаёміліся з удзельнікамі: Раманчук Вольга Іванаўна з дачкой Кацярынай, Сырапятка Алеся Сяргееўна з сынам Андрэем, Кушнярэвіч Наталля Мар’янаўна з дачкой Алёнай, Скукоўская Вольга Тадэвушаўна з сынам Мацвеем і Лопашава Алена Вітальеўна з сынам Артурам. У першым конкурсе “Візітная картка” гледачы даведаліся больш аб сем’ях: аб іх традыцыях і сямейных святах, значных датах, поглядах на жыццё і каханне. А пасля для дзяцей быў конкурс “Вясенні букет”, дзе неабходна было стварыць букет для сваёй матулі. Удзельнікі падышлі крэатыўна і стварылі прыгожыя кампазіцыі. А вось у конкурсе “Кіраванне машынай” лепшы рэзультат паказала прадстаўніца сям’і Сырапятка.
Маці – чалавек, які ўмее ўсё: і накарміць сям’ю, і заставацца прыгожай, і стварыць утульнасць. І ўдзельніцы ў наступных конкурсах – “Меню” і “Манікюр” – гэта пацвердзілі. А дзеці ў конкурсах “Шарыкі” і “Цукеркі” паказалі сваю лоўкасць і хуткасць. “Дзіцячая песня”, напэўна, самы душэўны конкурс усёй праграмы. Дзеці разам з матулямі праспяввалі цудоўныя песні, да якіх нават гледачы не засталіся раўнадушнымі. Конкурс “Самая хуткая сям’я”, у якім пераможцамі сталі сем’і Кушнярэвічаў і Лопашавых, паказаў узор сапраўдных гаспадароў. На заканчэнне праграмы прайшоў конкурс “Парады бацькам”, дзе ўдзельнікам трэба было ацаніць сітуацыі і распрацаваць парады, як сябе паводзіць бацькам. Нехта падышоў да гэтага з гумарам, а нехта прадэманстраваў свой вопыт. Праграма таксама была насычана творчымі нумарамі вучняў нашай школы. Напрыканцы былі падведзены вынікі і адбылося ўзнагароджанне лепшай сям’і. І лепшымі сярод лепшых сталі Наталля Мар’янаўна з дачкой Алёнай, якія прадстаўлялі сям’ю Кушнярэвічаў. Віншуем пераможцаў і жадаем сямейнага дабрабыту!
Касцюкевіч Яна









