У пачатку снежня ў шосты школьны дзень вучняў нашай школы чакаў сюрпрыз: экскурсійная паездка ў сядзібу выдатнага грамадскага дзеяча, гісторыка, пісьменніка, кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, які нам знаёмы найперш як аўтар знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай”. На зваротным шляху планавалася заехаць у Маладзечна наведаць аквапарк і боўлінг.
Залессе стала ўладаннем роду князёў Агінскіх у першай палове XVІІІ стагоддзя, калі яго набыў прадзед Міхала Клеафаса. Пазней маёнтак перайшоў да дзядзькі Францішка Ксаверыя Агінскага. «28 красавіка 1802 года я пакінуў Пецярбург з намерам назаўжды пасяліцца ў вёсцы недалёка ад Вільні», — так узгадвае кампазітар пра дні прыезду на радзіму продкаў. Пры жыцці Міхала Клеафаса ў прысядзібных парках былі закладзены камяні з памятнымі надпісамі: адным ён ушанаваў свайго настаўніка Жана Ралея, а другі — у гонар Тадэвуша Касцюшкі.
Аднак у канцы 1822 года Міхал Клеафас па стане здароўя пакідае Залессе і пераязджае ў Фларэнцыю, дзе і памірае. Ужо ў канцы ХІХ стагоддзя ў былых Паўночных Афінах (такую назву Залессе, дзе збіраліся выдатныя дзеячы той эпохі з Пецярбурга, Масквы, Парыжа, Варшавы, Вільні і іншых гарадоў, атрымала ад сучаснікаў Міхала Клеафаса) панаваў дух запусцення…
Не так даўно сядзіба была адрэстаўравана, і мы ўбачылі цудоўнае аздабленне пакояў: багатая тагачасная мэбля, на сценах безліч партрэтаў сваякоў Агінскага. А яшчэ аранжарэя, персанажы тых часоў (з намі гаварыў сябар Міхала Клеафаса Аляксандр Ходзька). Шыкоўная музычная зала… Там мы не проста слухалі паланэз, а нават танцавалі. Ад экскурсавода мы даведаліся, што зала выкарыстоўваецца і для тэатральных пастановак.Шмат наведвальнікаў імкнуцца пабываць там, дзе ў канцы 1822 года Міхал Агінскі ў апошні раз абышоў парк, пастаяў каля памятнага каменя ў гонар Касцюшкі і сеў у карэту, якая рушыла праз ліпавую алею… Каб больш ніколі не вярнуцца. Але назаўжды застацца ў Залессі!
Паездка атрымалася пазнавальнай, насычанай і вельмі цікавай. Мы дзякуем арганізатарам і экскурсаводу і гаворым: “Да новых сустрэч, непазнаная Беларусь!”
Раманчук Кацярына,
вучаніца 7 класа









